ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛІ БЕЛАРУ́СКІ НДІ Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1949 (з 1961 у г. Жодзіна Мінскай вобл.) на базе аддзела жывёлагадоўлі Ін-та сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі. Асн. кірункі навук. даследаванняў: стварэнне высокапрадукцыйных парод, тыпаў, ліній с.-г. жывёлы; распрацоўка рэцэптаў камбікармоў і кармавых дабавак; удасканаленне тэхналогій кармлення, утрымання і ўзнаўлення с.-г. жывёлы, якія забяспечваюць максімальнае праяўленне іх генетычнага патэнцыялу з мінімальнымі затратамі працы, энергіі і кармоў. Выдае з 1958 зб. прац «Зоатэхнічная навука Беларусі». У 1984 на базе Бел. НДІ жывёлагадоўлі, доследна-племянной гаспадаркі «Будагова», эксперым. базы «Зарэчча» створана навук.-вытв. аб’яднанне «Племэліта». У ін-це працавалі Х.С.Гарагляд, В.Ц.Горын, У.В.Горын, К.М.Сонцаў; працуюць І.І.Будзевіч, В.М.Галушка, А.Ф.Трафімаў, І.П.Шыйко.
І.П.Шыйко.
т. 6, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)